ПАЎНО́ЧНАГА МО́РА НАФТАГАЗАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана ў межах аднайменнай акваторыі і на прылеглых да яе тэр. Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Германіі і Даніі. Пл. 700 тыс. км², з іх 500 тыс. км² на шэльфе. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 3729 млн. т, газу 8411 млрд. м³. Газаносныя адклады каменнавугальнага, пермскага, ніжнетрыясавага ўзросту, нафтагазаносныя — сярэдняга і верхняга трыясу, юры, мелу і палеагену на глыб. 100—4000 м. Першае нафтавае радовішча на сушы адкрыта ў 1870 (Германія), на шэльфе — у 1967 (сектар Даніі), газавае адпаведна ў 1944 (Германія) і ў 1965 (сектар Вялікабрытаніі). Да 1990-х г. адкрыта 211 нафтавых і газанафтавых, 160 газавых і газакандэнсатных радовішчаў (найб. нафтавае Статфіёрд — 317 млн. т, газавае Гронінген — 1960 млрд. м³). Здабыча нафты і газу вядзецца фантанным і механізаваным спосабамі.
т. 12, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)